У Міністэрстве абароны зацверджаны кантрольныя лічбы прыёму ў ваенныя
навучальныя ўстановы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў для Узброеных
Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА
паведамілі ў прэс-службе абароннага ведамства.
Стаць афіцэрам і
атрымаць ваенную спецыяльнасць можна ў васьмі ўстановах адукацыі,
размешчаных у Мінску, Гомелі і Гродне. Шырокі выбар спецыяльнасцей
тэхнічнага і гуманітарнага профілю дае магчымасць абітурыенту вызначыцца
з будучай прафесіяй і тым напрамкам, у якім ён плануе развівацца.
Навучанне курсантаў ажыццяўляе высокакваліфікаваны
прафесарска-выкладчыцкі склад, у кожнай ВНУ ёсць сучасная
вучэбна-матэрыяльная база. У час навучання курсанты знаходзяцца на
поўным дзяржаўным забеспячэнні (рэчавым, харчовым і грашовым), валодаюць
правам пражывання ў казармах і інтэрнатах.
Так, у Ваенную
акадэмію ў гэтым годзе плануюць залічыць 687 абітурыентаў. Самы вялікі
набор - на факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання (123
чалавекі), крыху менш, 119 і 105 абітурыентаў, возьмуць на
агульнавайсковы факультэт і факультэт ваеннай разведкі адпаведна. На
факультэт ракетных войскаў і артылерыі, ракетна-артылерыйскага ўзбраення
залічаць 93 абітурыенты, на авіяцыйны факультэт - 88, на факультэт
проціпаветранай абароны - 82 чалавекі. Самы маленькі набор у Ваеннай
акадэміі - на факультэт унутраных войскаў, дзе на першы год навучання
возьмуць 77 абітурыентаў.
На ваенныя факультэты ў іншых установах
адукацыі плануецца залічыць 563 абітурыенты. БДМУ адкрые набор на
спецыяльнасць "лячэбная справа (па прафілізацыі): ваенна-медыцынская
справа" для 55 абітурыентаў.
На ваенным факультэце БДУ можна
атрымаць вышэйшую адукацыю па такіх спецыяльнасцях, як "міжнародныя
адносіны (па прафілізацыі)", "правазнаўства (па прафілізацыі):
юрысконсульцкая работа ў ваеннай сферы", "радыяцыйная, хімічная і
біялагічная абарона", "геаінфармацыйныя сістэмы (па прафілізацыі)". У
гэтым годзе на залічэнне на ваенны факультэт БДУ зможа прэтэндаваць 71
абітурыент.
Набор на ваенна-тэхнічны факультэт для 132
абітурыентаў будзе адкрыты ў БНТУ на спецыяльнасці "эканоміка і
кіраванне (па прафілізацыі): фінансавае забеспячэнне і эканоміка баявой і
гаспадарчай дзейнасці войскаў", "эксплуатацыя наземных транспартных і
тэхналагічных машын і комплексаў (па прафілізацыях)", "будаўніцтва
будынкаў і збудаванняў (па прафілізацыі) - прамысловае і ваеннае
будаўніцтва".
БДУІР на ваенны факультэт плануе залічыць 126
абітурыентаў, якія змогуць прайсці навучанне па спецыяльнасцях
"інфармацыйная бяспека (па прафілізацыі): забеспячэнне бяспекі
інфармацыйных тэхналогій", "камп'ютарная інжынерыя (па прафілізацыі):
вылічальныя сістэмы і сеткі спецыяльнага прызначэння", "сістэмы і сеткі
інфакамунікацый" (па прафілізацыях)", "радыёсістэмы і радыётэхналогіі
(па прафілізацыі): спецыяльныя сістэмы радыёлакацыі і радыёнавігацыі".
Ваенна-транспартны
факультэт у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту адкрые набор
на спецыяльнасць "кіраванне сістэмамі транспартнага і аўтатэхнічнага
забеспячэння (па прафілізацыях)" для 63 чалавек, а ваенны факультэт
Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы плануе набраць 52
абітурыенты для навучання па дзвюх спецыяльнасцях: "фізічная культура
(па прафілізацыі): фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых" і "тылавое
забеспячэнне войскаў (па прафілізацыях)".
Набор для 57 чалавек
адкрые ваенны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі па
спецыяльнасцях "беспілотныя авіяцыйныя комплексы (па прафілізацыях)" і
"эксплуатацыя аэрадромаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў".
На
навучанне па спецыяльнасці "правазнаўства" для Узброеных Сіл у Акадэміі
МУС змогуць прэтэндаваць пяць чалавек, "папярэджанне і ліквідацыя
надзвычайных сітуацый" ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС - два
чалавекі.
Усяго для падрыхтоўкі кадраў для Узброеных Сіл, іншых
войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі ў айчынныя ВНУ будзе набрана
1250 абітурыентаў. Беларускія курсанты таксама могуць прэтэндаваць на
навучанне ў ваенных адукацыйных арганізацыях Міністэрства абароны Расіі.
Выпускнікі,
якія атрымалі ваенную адукацыю, размяркоўваюцца ў злучэнні і воінскія
часці, падраздзяленні і ваенныя арганізацыі Узброеных Сіл. Пасля выпуску
афіцэру гарантавана стабільнае грашовае забеспячэнне, прадастаўляецца
інтэрнат або выплачваецца кампенсацыя за арэнду жылля. Таксама
ваеннаслужачы ў адпаведнасці з заканадаўствам мае права атрымання льгот і
прэферэнцый.
Да спіса