У нядзелю, 7 сакавіка, восьмы раз гарадскі пасёлак Сапоцкін запрашае на яскравае Свята пісанкі. Гасцей чакае святочны гандаль, майстар-класы па роспісу велікодных яек.
Як разказала намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч, сёлетняя праграма свята асабліва заінтрыгуе аматараў мясцовага турызму.
– Важнай падзеяй стане адкрыццё турыстычнага сезона ў Гродзенскім раёне з выдачай пашпартоў турыста. Кожны ўдзельнік, які атрымае такі пашпарт, атрымае магчымасць наведаць музеі ўстаноў культуры Гродзенскага раёна. На кожнай кропцы маршруту ў пашпарце зробяць адзнакі, а таксама выдадуць каштоўныя падарункі, – расказала Наталля Рамановіч.
Таксама на Свяце пісанкі будзе рэканструявацца старадаўні абрад “Валакайнікі”. Спецыяльна да свята з'явяцца новыя фотазоны для аматараў сэлфі. Госці свята змогуць зарадзіцца святочным настроем і зрабіць прыгожыя фотаздымкі на фоне незвычайных пісанак, нават памерам у чалавечы рост. Парадуюць сваімі выступленнямі калектывы аматарскай творчасці Гродзенскага раёна.
Уваход на Свята пісанкі вольны. Яно пачнецца 7 красавіка ў 14.00 на цэнтральнай пляцоўцы перад Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтрам.
У ТЭМУ
З 2017 года працуе сапоцкінскі Музей пісанкі. Там сабрана амаль 2000 экспанатаў яек, упрыгожаных у самых розных тэхніках. Большасць з іх выкананы ў адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі. А тэхналогія вырабу сапоцкінскай пісанкі ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як элемент нематэрыяльнай спадчыны.