21 лютага ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.
Наша родная мова – беларуская. Яна мае
багатую гісторыю і літаратуру, якая адлюстроўвае наш дух і характар. З
нагоды свята ў Купалаўскiм універсітэце выкладчыкі і студэнты на ўсіх
факультэтах пісалі беларускую дыктоўку. Штогод колькасць яе ўдзельнікаў
павялічваецца. Сёлета яна аб’яднала звыш тысячы чалавек.
Дыктоўка без адзнакi
Кожны год тэкст дыктоўкі розны, тэматычны. Звычайна гэта ўрывак з
мастацкага твора беларускіх пісьменнікаў. На гэты раз – вершаваны твор
Міколы Чарняўскага "За ўсё удзячны ім".
Удзельнікі мелі магчымасць не толькі праверыць сваё веданне граматыкі,
але і атрымаць асалоду ад праслухоўвання тэксту, які выразна чытаецца ў
выкананні выкладчыка. Традыцыйна пасля мерапрыемства ўдзельнікі
самастойна правяраюць напісанае, атрымліваюць сімвалічны падарунак і
бланк са сваім тэкстам на памяць. Гэты час ва ўніверсітэце супадаў з
часам святкавання Дня нараджэння ўніверсітэта.
Інтарэс да беларускай мовы не абмежаваны толькі беларусамі. Праверыць
сябе на веданне мовы і напісаць купалаўскую дыктоўку жадаюць і замежныя
ўдзельнікі, якія далучаюцца анлайн. Сярод іх – прадстаўнікі Пасольстваў
Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Ізраіле,
Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам, Казахстане, Кыргызстане, Індыі, ва
Узбекістане, у Таджыкістане, Стамбуле, Ганконгу. Таксама сярод
удзельнікаў – студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта Маскоўскага
дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Варонежскага дзяржаўнага
ўніверсітэта, Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя М. С. Осімі.
Замежнікі вывучаюць мову
Штогод у жніўні ў Купалаўскім універсітэце ладзіцца Летняя школа
беларускай мовы і культуры “Пад светлым іменем Купалы”. Яе ўдзельнікі –
замежныя грамадзяне, з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Сёлета
Летняя школа сабрала жадаючых вывучаць беларускую мову з Расіі, Польшчы,
Казахстана. Традыцыйна ўдзел прынялі студэнты Маскоўскага дзяржаўнага
ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. Дарэчы, на базе філалагічнага
факультэта МГУ працуе Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры.
У Летняй школе, якая ладзiцца ў Гродне, студэнты не толькi вывучаюць беларускую мову, літаратуру, фальклор i гісторыю.
Слухачам прапануюцца цікавыя і змястоўныя экскурсіі па Гродна і
вобласці, разнастайныя майстар-класы, інтэрактыўныя гульні. Кожны з
удзельнікаў вязе на радзіму не толькі веды і разнастайныя сувеніры, але і
часцінку беларускай душы, у якой пануе ціхая дабрыня, спагада і
гасціннасць.
Звычайна слухачы пакідаюць свае водгукі. Напрыклад, Марыя Прышэльцава,
студэнтка Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, напісала так: “Мінулым
жніўнем я пакiдала Гродна з надзеяй прыехаць зноў. Перажываць
расставанне мне дапамагалі творы Купалы і Коласа, беларускія песні і
вершы, старонкі ў сацсетках, прысвечаныя вывучэнню беларускай мовы. Зноў
жнiвень, і я зноў пакідаю Беларусь – на гэты раз са мной у Расію едуць
беларускія казкі і творы Івана Мележа. І я спадзяюся вярнуцца”.
Родная мова на сучасным этапе
Сёння ў нашай краіне дзяржаўнымі з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае кожнаму грамадзяніну права
карыстацца роднай мовай і выбіраць мову зносін. Па выніках апошняга
перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 2019 годзе, большасць жыхароў
страны вызначылі беларускую мову як родную.
Перыяды жыцця мовы, як і перыяды жыцця чалавека, розныя: бываюць узлёты
і падзенні, росквіт і зацішша. Галоўнае тое, што яна жыве і
развіваецца, пакуль жыве народ.
Я часта чую, як паміж сабой людзі размаўляюць па-беларуску ці на
трасянцы, а калі заходзяць кудысьці, то звяртаюцца па-руску. Цікаўлюся:
“А вы ж дарогаю размаўлялі паміж сабой на іншай мове?”. У адказ чую:
“Дык гэта мы паміж сабой па-свойску размаўлялі, як звыкла”. І ты
разумееш: усе ж натуральна размаўляць на сваёй роднай мове.
ГЭТА ЦІКАВА
Наша родная мова з’яўляецца старажытна пісьменнай, гісторыя беларускага
пісьменства налічвае не менш за дзесяць стагоддзяў. Сфарміравалася мова
беларускага народа ў XIV – XVI стагоддзях, калі землі сучаснай Беларусі
ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Па-беларуску вялася
перапіска з краінамі Усходняй Еўропы, падпісваліся мірныя і гандлёвыя
дамовы, дзяржаўныя акты і іншыя важныя дакументы.
Падчас падарожжа ў гісторыю беларускай мовы немагчыма не згадаць імя
Францыска Скарыны – “бацькі ўсходнееўрапейскага кнігавыдання”. Менавіта
ён у 1517 годзе ўпершыню надрукаваў Біблію на старабеларускай мове.
Такім чынам, беларуская мова стала першай з усходнеславянскіх моў, на
якой пачалося кнігадрукаванне.
У познім XVII – пачатку XIX стст. у Рэчы Паспалітай беларуская мова
развівалася пераважна ў вуснай форме. Народ складаў песні і казкі,
паданні і легенды, прыказкі і прымаўкі, вершаваныя творы і жарты, якія
перадаваліся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. З пачатку XIX
стагоддзя на аснове народных гаворак фарміравалася новая літаратурная
мова.
Да спіса