На Гродзеншчыне Шчучын абраны стартавай пляцоўкай для ажыццяўлення творчай задумкі.
Маштабны
праект “Нацыянальны здабытак Рэспублікі Беларусь”, які запусцілі па краіне з
падачы Цэнтральнага Камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры,
інфармацыі, спорту і турызму, зараз актыўна рэалізуецца і ў Шчучынскім
раёне, паведамляе
dzyannica.by.
Адметна, што на Гродзеншчыне менавіта Шчучын абраны стартавай пляцоўкай
для ажыццяўлення творчай задумкі. Аматары традыцыйнай вышыўкі з
дапамогай сваіх чароўных ніцей і майстэрства “ажыўляюць” эскіз карты
Гродзенскай вобласці з выявамі помнікаў архітэктуры, вырабаў традыцыйных
рамёстваў і элементаў гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі,
уласцівых для таго ці іншага рэгіёна.
– Над эскізам карты Гродзенскай вобласці працавала знакаміты народны
майстар Беларусі Алена Шунэйка з Гродзенскага АМЦНТ, а задача лепшых
вышывальшчыц з рэгіёнаў перанесці малюнак на палатно, выкарыстоўваючы
выключна традыцыйныя матэрыялы, – гаворыць загадчыца аддзела рамеснай
дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ Вольга Каранкевіч. – Місія
складаная, але пачэсная. Гэта добра разумее наш калектыў. Працуем
зладжана і дружна, каб своечасова і якасна ажыццявіць цікавую творчую
задумку. Вельмі запатрабаванымі аказаліся тэхніка і высокі ўзровень
майстэрства метадыста Таццяны Лебядзевіч. Асноўная частка работы
даручана менавіта ёй. З Таццянай Юр’еўнай нават раяцца вышывальшчыцы з
суседніх раёнаў, высока цэняць абласныя спецыялісты. Дарэчы, мы сваю
старонку прадстаўляем выявай Маламажэйкаўскай царквы-крэпасці – помніка
архітэктуры ХVІ стагоддзя і сапраўднай жамчужыны нашага краю. Больш
таго, менавіта нам, шчучынцам, даверана адлюстраваць на карце
Гродзеншчыны яшчэ і Лідскі ды Воранаўскі раёны, дзе ў вышыўцы паказаць
унікальныя ўзоры тамтэйшага ткацтва.