Падчас Вялікай Айчыннай вайны 419 жыхароў Зінякоў былі забіты.
Трагедыя, што разыгралася 22 студзеня 1944 года ў вёсцы Зінякі,
і праз дзесяцігоддзі балюча апякае нашы сэрцы. Сёння раніцай да
мемарыяльнага комплексу ў памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай
вайны мірных жыхароў, якіх зажыва спалілі фашысты за сувязь з
партызанамі, прыйшлі і прыехалі ў адроджаную лясную вёсачку прадстаўнікі
ўсіх пакаленняў – кіраўнікі раённай улады, актывісты грамадскіх
арганізацый, вайскоўцы, мясцовыя жыхары, а яшчэ гродзенцы і шчучынцы,
для якіх Зінякі – малая радзіма, а ў брацкіх магілах спачываюць іх
продкі і сваякі…
Асабліва шмат было моладзі. Да астрынскіх школьнікаў далучыліся
ўдзельнікі рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Зімовы маршрут” –
студэнты гродзенскіх універсітэтаў і, канешне, шчучынскія лідары БРСМ,
паведамляе "
Дзянніца".
Нібы з клубоў дыму паўстае насустрач людской ручаіне велічная
скульптура гаротнай маці з дзіцяткам на руках. У свядомасці не
ўкладваецца, што 79 год назад усе тутэйшыя хаты разам з іх гаспадарамі
фашысты ператварылі ў попел, не шкадуючы ні дзяцей-немаўлят, ні жанчын,
ні старых. Усяго некалькім зінякоўцам тады цудам удалося ўцалець. Аб
гэтым вельмі эмацыянальна і кранаюча расказваюць вядучыя Станіслаў
Сімановіч і Марына Мадаян. Гучыць Дзяржаўны Гімн краіны як гімн жыццю.
Слова бярэ старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк:
- Наш святы абавязак перад пакаленнем пераможцаў – захаваць
гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне, зрабіць усё неабходнае,
каб зберагчы мір на Зямлі.
Ганна Станіславаўна нагадала, што па даручэнні Прэзідэнта краіны
Аляксандра Лукашэнкі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь у
красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па фактах генацыду
беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай і ў пасляваенны перыяд. У
ходзе расследавання дапрошана больш за 15 тысяч сведкаў. На сённяшні
дзень дакладна вядома, што ў ваеннае ліхалецце нямецка-фашысцкія
захопнікі спалілі больш за 10500 населеных пунктаў Беларусі, з іх 1143 –
раней невядомыя. 35 вёсак так і не адрадзіліся з попелу – назаўжды
сцёрты з твару зямлі. Вёска Зінякі стала сястрой Хатыні. 419 зінякоўцаў і
65 жыхароў наваколля сталі ахвярамі нацыстаў.
- Я тут упершыню, але ўсім сэрцам адчула значнасць гэтай мясціны, --
гаворыць старшыня студэнцкага патрыятычнага атрада “Азімыя” Таццяна
Астапук. – Менавіта гродзенскія студэнты былі ініцыятарамі таго, каб у
рамках праекта “Лічбавая зорка” аснасціць шыльдамі з QR-кодам усе
памятныя мясціны Прынёманскага краю. Добра, што такая інфармацыйная
шыльдачка ўстаноўлена і ў Зіняках. Цяпер кожны, нават без экскурсавода,
зможа даведацца, што канкрэтна адбывалася ў гэтых мясцінах. Без павагі
да мінулага немагчыма будаваць будучае.
Аб тым, як важна цаніць мір і згоду паміж людзьмі, выхоўваць патрыятызм
і гонар за сваю краіну пранікнёна гаварыла старшыня Астрынскага
сельвыканкама Наталля Лебядзевіч. А мясцовы жыхар Уладзімір Хох выказаў
словы ўдзячнасці ў адрас Наталлі Іванаўны за тое, што ў гэтым святым для
ўсіх зінякоўцаў месцы заўжды падтрымліваецца ўзорны парадак: і ў
прамым, і ў пераносным сэнсе сюды ніколі не зарастае сцяжына.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць землякоў хвілінай маўчання, усклалі
да падножжа помніка вянкі і жывыя кветкі, запалілі лампадкі памяці.
Нішто не забыта - ніхто не забыты. Давайце ж цаніць цішыню міру, святло
яснага неба, пах свежага хлеба, усмешкі родных людзей і беражліва
захоўваць гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне.