Пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры! Сардэчна віншую ўсіх вас з Нараджэннем Хрыстовым! Хрыстос нарадзіўся – Бог уцялесніўся!
«Чым ноч цямней, тым ясней зоры,Чым большы сум,
тым Бог бліжэй…»
Гэтыя паэтычныя радкі вельмі дакладна перадаюць адчуванне каляднага
цуду. Мы святкуем нараджэнне Збавіцеля ў адну з самых доўгіх начэй года,
але менавіта ў глыбокай цемры на неба ўзыходзіць Віфлеемская зорка!
«Хрыстос – Святло нязгаснае, Якое заўсёды ззяе, заўсёды грэе», –
сцвярджае блажэнны Аўгусцін. І вось Божы Логас, Святло, народжанае ад
Святла, сыходзіць у змрок, каб змрок больш не панаваў над чалавецтвам.
Сын Божы нараджаецца ў адказ на чаканні людзей быць бясконца шчаслівымі
і свабоднымі ад граху. Ён прыходзіць, каб узяць наш боль, смутак,
адчай, забраць гэта з Сабою і ўзнесці на Крыж. Бог становіцца чалавекам,
каб на Галгофе падзяліць з намі смерць, а ў таямніцы Уваскрэсення
падзяліць з намі вечнае жыццё!
«Агонь прыйшоў Я звесці на зямлю, і як хачу Я, каб ён ужо загарэўся!
(Лк. 12:49)», – кажа Збавіцель Сваім вучням. Пасярод зімы Царква
нагадвае нам пра Агонь, які сагравае сэрцы.
Святло ў цемры і Цеплыня падчас халадоў – вось што такое Нараджэнне
Хрыстова. Кожны хрысціянін заклікаецца да высокай місіі: быць крыніцай
святла і цяпла для бліжніх. Гэта гучыць проста, але ў жыцці любоў да
бліжніх, а не да абстрактных «далёкіх» часта патрабуе вялікіх
намаганняў. І ўсё ж нам сказана, што Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і
тыя, што сілу ўжываюць, здабываюць яго (Мф. 11:12). Мудрацам з усходу
не было лёгка ісці па пустыні за мігатлівым промнем зоркі. Іх, напэўна,
адольвалі сумневы ў правільнасці абранага шляху, у сваіх ведах і сваёй
веры. Але яны змаглі прайсці гэты шлях да канца, а калі дасягнулі
Віфлеема, ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікаю (Мф. 2:10).
Евангеліст Матфей сведчыць, што ў дар Богадзіцяці мудрацы прынеслі
золата, ладан і смірну – скарбы старажытнага свету. Сустракаючыся з
Хрыстом у асобе тых, хто нас акружае, мы закліканы дарыць бліжняму тое,
што самі цэнім і чым даражым. Надышоў час адкрываць скарбніцы нашых
сэрцаў – і няхай там знойдзецца золата шчодрасці, ладан увагі, смірна
прабачэння нават для тых, хто зусім ад нас гэтага не чакае!
Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля! (Лк. 2:14) –
так ангельскае воінства абвясціла пастухам аб нараджэнні Месіі.
Нараджэнне Хрыстова – свята міру, і ў гэтыя дні па-сапраўднаму палымянай
павінна стаць наша малітва аб міры: міры ў сем’ях, міры ў грамадстве,
міры на нашай зямлі.
«Хрыстос злучыўся з чалавечым родам, не абраўшы ў ім толькі праведных і
толькі святых. Ён Сам, бо Яго спакушаў грэх, ведаў меру чалавечай
немачы і слабасці і, будучы падобным да чалавека ва ўсім, акрамя граху
(пар.: Яўр. 4:15), Сваёй Божай любоўю ўсіх увасобіў у Сябе і ўсіх
адкупіў Сабою», – прапаведуе архімандрыт Іаан (Красцьянкін). На думку
гэтага старца ХХ стагоддзя, Хрыстова любоў робіць нас роднымі адзін
аднаму насуперак прасторы, часу і ўсім зямным падзелам.
Вось чаму я з адмысловым пачуццём кажу:
Хрыстос нарадзіўся – Бог уцялесніўся!
Са святам, родныя мае!
З любоўю і малітвай за вас,
Антоній, архіепіскап
Гродзенскі і Ваўкавыскі
Да спіса