Старшыня
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля
Качанава наведала храм на тэрыторыі Жыровіцкага манастыра, азнаёмілася з
ходам рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб'ектах манастыра і правяла
рабочую нараду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як
адзначыла Наталля Качанава ў час нарады, яе мэта - пракантраляваць ход
работ. "Паглядзець, як ідуць работы і на якім этапе рэалізацыя
дамоўленасцей, якіх мы дасягнулі мінулы раз, - адзначыла старшыня Савета
Рэспублікі. - Мэта нашай сустрэчы - каб вы расказалі, як вядуцца
работы. Таму што тэрмін мы мяняць не будзем - гэта 1 снежня".
Як
расказаў журналістам пасля нарады старшыня Гродзенскага аблвыканкама
Уладзімір Каранік, даручэнні Прэзідэнта выконваюцца і ва ўстаноўленыя
тэрміны. "Гэта храм з вельмі багатай гісторыяй, які заўсёды прыцягвае
шмат людзей. Працэс рэканструкцыі яго даволі складаны, таму часам
узнікаюць нейкія тэхнічныя пытанні. Іншым разам узнікаюць і традыцыйныя
пытанні, якім чынам усё ж такі людзям даць магчымасць дакрануцца да
святыні, каб нашы рамонтныя работы не моцна ўскладнялі жыццё як
вернікам, так і свяшчэннаслужыцелям. Але пры гэтым у нас ёсць тэрміны,
якія трэба захоўваць. І гэтыя нарады патрэбны для таго, каб знайсці
баланс, каб вырашыць існуючыя пытанні", - сказаў кіраўнік Гродзенскай
вобласці.
Уладзімір
Каранік дадаў: "Калі падвесці асноўны вынік нарады, то я лічу, што ёсць
разуменне таго, што гэта жамчужына не толькі Гродзенскай вобласці, але і
ў цэлым Рэспбулікі Беларусь, праваслаўя. Ёсць разуменне, што ўсе
работы, якія дадуць магчымасць гэтаму храму зайграць новымі гранямі,
павінны быць выкананы. А ўсё астатняе тут ёсць. Тут ёсць гісторыя, тут
ёсць святыні, тут ёсць людзі, якія з душой адносяцца да гэтага
манастыра, і ёсць людзі, якія заўсёды з задавальненнем сюды
прыязджаюць". Ён звярнуў увагу, што задача маючых дачыненне да
рэканструкцыі людзей зрабіць так, каб манастыр зайграў новымі фарбамі.
"Няма
мяжы дасканаласці. Мы абмеркавалі, што на фоне выканання работ і
змянення храма некаторыя элементы, якія раней, напэўна, здаваліся
цярпімымі і дапушчальнымі, цяпер ужо дысаніруюць з абноўленай аддзелкай,
таму таксама павінны быць заменены. Мы падлічым, колькі спатрэбіцца
часу на гэты дадатковы аб'ём работ, але задача стаіць жорсткая - на
калядныя святы храм павінен сустракаць вернікаў ва ўсёй красе", -
падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр - мужчынскі стаўрапігіяльны
манастыр Беларускай праваслаўнай царквы, размешчаны ў аграгарадку
Жыровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Адзін з галоўных
цэнтраў беларускага праваслаўя і буйнейшых у краіне архітэктурных
ансамбляў XVII-XVIII стагоддзяў.