Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Карэліцкі раён

Афiцыйны сайт Карэлiцкага раеннага выканаўчага камiтэта

Утвораны Карэліцкі раён у лістападзе 1940 года. Мяжуецца з чатырма раёнамі – Навагрудскім, Стаўбцоўскім, Нясвіжскім, Баранавіцкім. Агульная плошча – 1,1 тысячы квадратных метраў. Працягласці раёна з поўначы на поўдзень – 28 кіламетраў, з захаду на ўсход – 40 кіламетраў. У склад раёна ўваходзяць пасялковы савет і дзевяць сельскіх саветаў.

У 162 сельскіх населеных пунктах і гарадскіх пасёлках Карэлічы і Мір пражывае 24,2 тысячы чалавек, (у гарадскім пасёлку Карэлічы – 6,2 тысячы чалавек, гарадскім пасёлку Мір – 2,1 тысячы чалавек. Цэнтр раёна – гарадскі пасёлак Карэлічы, размешчаны ў 200 кіламетрах ад абласнога цэнтра – горада Гродна і ў 125 кіламетрах ад горада Мінска.

Большая частка тэрыторыі занята Стаўбцоскай раўнінай, Нёманскай нізінай, а на захадзе ад ракі Сэрвач – схілы Навагрудскага ўзвышша. Рачная сетка даволі густая. Найбольш буйная рака Неман з левымі прытокамі - Уша і Сэрвач, працякае шмат мелкіх рэчак. У раёне ёсць некалькі невялікіх азёр, штучных вадаёмаў.

Карысныя выкапні прадстаўлены пясчана-гравійнымі матэрыяламі, залежамі торфу і жалезнай руды. На тэрыторыі раёна размешчаны рэспубліканскі геалагічны заказнік "Міранка". Праз раён праходзяць аўтамагістралі на Мінск, Гродна, Баранавічы, Навагрудак, Любчу.

Карэліцкі край мае багатае гістарычнае мінулае. Першае ўпамінанне ў летапісах пра Карэлічы і Мір адносіцца да 1935 года. У той час яны уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, затым Рэчы Паспалітай. У 1793 годзе Карэлічы і Мір аказаліся ў складзе расійскай імперыі. З 1921 па 1939 годы знаходзіліся пад уладай буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Змяняліся і іх уладары. Спачатку Карэлічы належылі вялікім князям літоўскім, затым перайшлі да буйных магнатаў Чартарыйскіх, ад іх да Радзівілаў, а пасля – князям Вітгенштэйнам, у час знаходжання ў складзе Польшчы – графу Жалтоўскаму. Далёка за межамі краю ведалі пра габелены, якія былі сатканы на мануфактурах у Карэлічах і Міры. Самыя вядомыя з іх прысвечаны роду Радзівілаў.

Карэлічы і Мір не абыходзілі бокам ні гістарычныя падзеі, ні вядомыя асобы. Самыя суровыя выпрабаванні выпалі на долю Карэцкага краю ў гады Вялікай Айчанай вайны. Гераічная барацьба жыхароў раёна з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўвекавечана ў мемарыяльных помніках і абелісках. Пад аховай дзяржавы знаходзяцца 98 помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку 7 помнікаў археалогіі, 26 архітэктуры, 59 помнікаў і абеліскаў у месцах масавых пахаванняў (35 воінскіх пахаванняў).

Нямала старонак прысвяцілі Карэліччыне людзі, якія нарадзіліся ў гэтым дзіўным кутку Беларусі і вядомыя ва ўсім свеце – Янка Брыль, Аляксандр Мілюць, Аляксандр Бажко, Уладзімір Калеснік, Вольга Іпатава, Раман Тармола. Сярод іх таксама – Ігнацій Дамейка, вучоны з сусветна вядомым імем у галіне натуральных навук, першы рэктар універсітэта ў Санцьяга , нацыянальны герой Чылі; Барыс Кіт – акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі; Ян Чачот – беларуска-польскі паэт і фалькларыст. З раёнам цесна звязана творчасць вялікага паэта Адама Міцкевіча. У яго вершах усхваляецца возера Свіцязь, вёскі Варонча, Цырын, Плужыны. Карэліччына – радзіма беларускага Шаляпіна – Пятра Конюха. Наведаўшы Мір, Уладзіслаў Сыракомля напісаў свой вядомы верш, які пасля быў перакладзены на рускую мову і стаў папулярнай песняй "Ямщик". Тут вырас акцёр, народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі. Ураджэнцам раёна з'яўляецца Герой Савецкага Саюза Уладзімір Зянонавіч Царук, член Баранавіцкага падпольнага абкома партыі, камандзір Сталбцоўска-Мірскага партызанскага злучэння, імем якога названы сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў і краязнаўчы музей у вёсцы Вялікае Вобрына.

Замкавы комплекс "Мір" прыцягвае турыстаў з усіх куткоў планеты. Каля сцен замка праводзяцца штогод рыцарскія турніры, міжнародныя фестывалі мастацтваў. Дварцова-замкавы комплекс XVI в. у Міры, які з'яўляецца філіялам Нацыянальнага Мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, – гонар раёна. З 2000 года замкавы комплекс "Мір" унесены ў Спіс сусветнай культарна-гістарычнай спадчыны ЮНЭСКА.

Зямля - галоўнае наша багацце. Аснову эканомікі раёна складае сельскагаспадарчая вытворчасць, прадстаўленая 11 сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі, РСУП "Племзавод "Карэлічы", фермерскай гаспадаркай "Ніва+", ААТ "Карэліцкая сельгастэхніка", прыватным унітарным прадпрыемствам "Птушкафабрыка "Чырвонаармейская". Раён спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, збожжа і лёну, з'яўляецца пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па вытворчасці лёну. У сістэме прадукцыйнай жывёлагадоўлі малочная жывёлагадоўля займае вядучае становішча. Захоўваецца тэндэнцыя нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі садзейнічае ўкараненне новых тэхналогій. Вядзецца рэканструкцыя малочнатаварных ферм з беспрывязным утрыманнем жывёлы, бульдозерным выдаленнем гною, даеннем у даільных залах. Для аказання дапамогі гаспадаркам раёна па нарыхтоўцы кармоў і ўборцы ўраджаю пры ААТ "Карэліцкая сельгастэхніка" створаны  корма- і збожжаўборачны механізаваны атрад, дзе сканцэнтравана высокапрадукцыйная тэхніка.

Прамысловасць раёна прадстаўлена буйным ільноперапрацоўчым прадпрыемствам ААТ "Карэлічы-Лён", Варанчанскім філіялам РУП "Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод", РУП "Мірскі спіртавы завод", філіялам ААТ "Навагрудскі масларобны камбінат" "Карэліцкі масларобны завод", ПУП "Карэліцкі каапрам". Будаўнічыя арганізацыі: рамонтна-будаўнічае прадпрыемства РБП-12; МПМК-152. Функцыянуе дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 158. У сельскай мясцовасці будуюцца ўтульныя па праекту і прывабныя па дызайну дамы з шырока развітой сеткай інфраструктуры ў аграгарадках. Уводзяцца ў эксплуатацыю і шматпавярховыя дамы, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням насельніцтва. Транспартная галіна ў раёне прадстаўлена даччыным унітарным прадпрыемствам "Аўтамабільны парк №8". Ён абслугоўвае 17 прыгарадных і 8 міжгародніх маршрутаў.

Медыцынскія паслугі аказваюць цэнтральная раённая бальніца на 180 ложкаў, гарпасялковая бальніца (г.п.Мір) на 50 ложкаў, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 2 паліклінікі (г.п.Карэлічы, г.п.Мір), 5 сельскіх урачэбных амбулаторый урача агульнай практыкі, бальніца сястрынскага догляду на 25 ложкаў у в.Лукі. Ёсць таксама 21 фельчарска-акушэрскі пункт, 2 брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, 7 аптэк. Частка аб'ёмаў аказання медыцынскай дапамогі перанесена на амбулаторна-паліклінічны этап. Далейшае развіццё атрымлівае тэхналогія медыцынскай дапамогі па прынцыпу агульнаўрачэбнай практыкі. У наваколлі возера Свіцязь размешчаны дзіцячы аздараўленчы лагер "Вясёлка" на 160 месц, паблізу ракі Нёман - дзіцячы спартыўна-аздараўленчы лагер "Алімпіец" на 80 месц. Створаны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з 4 аддзяленнямі, дзе дапамагаюць людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Сістэма адукацыі раёна ўключае ўстанову адукацыі "Дзяржаўная гімназія", 15 агульнаадукацыйных школ, 5 комплексаў школа-сад, 12 дзіцячых дашкольных устаноў, вучэбна-вытворчы камбінат у г.п. Мір, Дом пазашкольнай работы, дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячы сацыяльны прытулак. 9 школ, 4 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, 2 школы-сад ажыццяўляюць інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць па 12 напрамках. Самыя адораныя і таленавітыя вучні становяцца стыпендыятамі прэміі імя І.Дамейкі.

На тэрыторыі раёна размешчаны два прафесійна-тэхнічныя вучылішчы - вучылішча №125 будаўнікоў у г.п.Карэлічы і Мірскае дзяржаўнае мастацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных работ, у якіх навучаюцца 421 і 403 навучэнцы адпаведна. У ПТВ-125 навучанне праводзіцца па спецыяльнасцях: прадавец, аўтакранаўшчык, зваршчык, сталяр, аддзелачнік; у МПТВ-234 - па спецыяльнасцях: сталяр, разьбяр па дрэве; рэстаўратар помнікаў драўлянага дойлідства; мастак размалёўкі па дрэве, інкрустацыя саломкай; рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкага малявання, тынкавальных і ляпных вырабаў; ганчар, вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі.

Сетка ўстаноў культуры прадстаўлена раённым і гарадскім Домам культуры, Домам рамёстваў, 12 сельскімі Дамамі культуры, Мядзвядкаўскім клубам-музеем, 10 сельскімі клубамі, 15 Дамамі сацыяльных паслуг, раённым краязнаўчым музеем "Зямля і людзі", 2 дзіцячымі музычнымі школамі, 2 школамі мастацтваў, 11 філіяламі музычных школ, 26 бібліятэкамі, 3 клубамі-бібліятэкамі. Ва ўстановах клубнага тыпу працуе 168 клубных фарміраванняў, 12 калектываў удастоены звання "народны" і "ўзорны".

Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы ў раёне ёсць 143 спартыўныя збудаванні. Працуюць 47 калектываў фізкультуры. Фізічнай культурай і спортам займаюцца 3 тысячы чалавек. Штогод праводзіцца больш як 50 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел каля 8 тыс. чалавек. У Карэліцкай ДЮСШ працуюць 3 аддзяленні: гандбол, лёгкая і цяжкая атлетыка. Стала добрай традыцыяй штогадовае правядзенне турніру па валейболу на прызы шматразовай чэмпіёнкі Свету і Еўропы па веславанні на байдарцы Шыманскай Т.М.