Рэгіён
Галоўная / Рэгіён / Раёны / Навагрудскі раён

Навагрудскі раён

Афiцыйны сайт Навагрудскага раённага выканаўчага камiтэта

Навагрудскі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года і ўваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці, гаспадарчым цэнтрам раёна з'яўляўся горад Навагрудак. 15 студзеня 1963 года горад быў перададзены ў распараджэнне прамысловага аблвыканкама, а з 7 сакавіка 1963 гады аднесены да катэгорыі гарадоў абласнога падначалення. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 1997 года № 438 г. Навагрудак і Навагрудскі раён аб'яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку.

Як сведчаць археалагічныя раскопкі, Навагрудак узнік прыблізна 1000 гадоў назад. У летапісах горад упершыню упамінаецца каля 1044 года. За сваю шматвяковую гісторыю Навагрудак спазнаў як перыяды палітычнага і культурнага ўздыму, так і часы суровых выпрабаванняў. У сярэдзіне XIII стагоддзя ў Навагрудак з Полацку перамяшчаецца цэнтр палітычнага жыцця і горад становіцца адным з цэнтраў станаўлення беларускай дзяржаўнасці. У 1252 годзе князь Міндоўг зрабіў Навагрудак сваёй рэзідэнцыяй, а ў 1253 годзе каранаваўся ў ім, прыняўшы тытул караля. Сын яго Войшалк працягнуў палітыку аб'яднання зямель вакол Навагрудка і заклаў моцную аснову новай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага. На працягу шматлікіх стагоддзяў Навагрудак заставаўся адным з важнейшых і буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага. У 1317 годзе Навагрудак стаў цэнтрам самастойнай Навагрудска-Літоўскай праваслаўнай мітраполіі. У канцы XIV стагоддзя Навагрудак становіцца адным з цэнтраў вялікакняжаскага домена. Наш горад заставаўся адным са значных і буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага. З 1507 года Навагрудак - цэнтр ваяводства. 26 ліпеня 1511 года Навагрудак атрымаў права на самакіраванне – Магдэбургскае права. У 1595 годзе горад атрымаў герб з выявай Архангела Міхаіла. У 1795 годзе ў сувязі з раздзелам Рэчы Паспалітай Навагрудак быў уключаны ў склад Расійскай імперыі. У XVI-XIX стагоддзях Навагрудак неаднаразова падвяргаўся спусташальным пажарам і разбуральным нашэсцям варожых войскаў.

З верасня 1915 года акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі, а ў снежні 1918 вызвалены Чырвонай Арміяй. З 1919 па 1939 год Навагрудак уваходзіў у склад Польшчы. З 1940 года - раённы цэнтр Баранавіцкай, а з 1954 - Гродзенскай вобласці.

Навагрудскі раён размешчаны на ўсходзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе з Карэліцкім, Дзятлаўскім, Лідскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці, Баранавіцкім раёнам Брэсцкай вобласці і Стаўбцоўскім раёнам Мінскай вобласці. Большую частку раёна займае Навагрудскае ўзвышша, уздоўж Нёмана - Верхненёманская нізіна. Самая высокая кропка над узроўнем Балтыйскага мора (323 м) - гара Замкавая ў г. Навагрудку, самая нізкая (118 м) - урэзак р. Нёман. Карысныя выкапні: 10 месцараджэнняў сыравіны для вытворчасці цэглы з агульнымі запасамі каля 2 млн. м3, 3 месцараджэнні мелу - 0,9 млн. т., месцараджэнні пяску будаўнічага, жвіравай сумесі і торфу.

Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені складае -5,4 градусаў, у ліпені - + 16,2 градусаў. Сярэднегадавая колькасць ападкаў - 769 мм у год. Вегетацыйны перыяд 188 сутак.

Пад лясамі занята 38% тэрыторыі раёна. Найбольш вялікія лясныя масівы на захадзе раена (Неманскія лясы) і на ўсходзе (частка Налібокскай пушчы і Графскай пушчы). Пад балотамі занята 5,2 тыс. Гектараў. Глебы пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі дзярнова-падзолістыя - 61%, дзярнова-падзолістыя забалочаныя - 9,7%, дзярнова-балотныя - 10,3% і тарфяна-балотныя - 18,9%. Агульная плошча лясных угоддзяў 69,4 тыс. га, з іх 67,1 тыс. га - у дзяржаўным лясным фондзе. У лясах водзяцца дзікія жывёлы: лось, кабан, алень, казуля. Па тэрыторыі раёна працякае 47 рэк і 20 ручаёў, агульная іх працягласць складае 527 км, з іх 78 км - р.Нёман. У раёне ёсць азёры: Свіцязь, Літоўка, Вадаспад, Чарэшля.

На тэрыторыі раёна размешчаны ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Навагрудскі, Свіцязянскі і Налібоцкі (часткова). Плошча "Свіцязянскага" ландшафтнага заказніка 1193,79га, з іх 191га прыходзіцца на долю возера Свіцязь. Плошча "Навагрудскага" ландшафтнага заказніка – 1796,7га. На тэрыторыі Навагрудскага раена знаходзяцца тры біялагічных заказніка мясцовага значэння: "Уселюбскі" - 3010 га, “Ізвенскі” – 5210га, “Графская Пушча” – 9465га.

Праз тэрыторыю раёна праходзяць буйныя аўтамабільныя дарогі: Нясвіж-Навагрудак-Ліда, Баранавічы-Навагрудак-Іўе, Навагрудак-Наваельня, Навагрудак-Любча.

На тэрыторыі раёна размешчаны 11 сельскіх і 1 пасялковы (Любчанскі) Саветы, больш 200 населеных пунктаў. Буйнейшыя населеныя пункты па колькасці жыхароў: Навагрудак - больш 30 тыс. чал., г.п.Любча - каля 1,4 тыс. чал., в. Нягневічы - каля 1 тыс. чал., у вёсках Уселюб, Шчорсы, Вераскава, Гарадзечна, Пятрэвічы, Ацмінава - каля 0,5 - 0,7 тыс. чал.. Агульная колькасць насельніцтва раёна складае больш за 50 тыс. чал., у сельскай мясцовасці пражывае каля 19 тыс.чалавек.

Прамысловасць Навагрудскага раёна прадстаўлена 11 прамысловымі арганізацыямі, якія выпускаюць наступныя асноўныя віды прадукцыі:

1. ААТ "Навагрудскі завод газавай апаратуры" - балоны газавыя, газобаллонныя сістэмы для аўтамабіляў, запорна-рэдуцыруючую апаратуру, лічыльнікі газавыя, вогнетушыцелі, аўтаматыку для бытавых газавых пліт;

2. РУП "Навагрудская швейная фабрыка" - штаны, касцюмы, швейныя вырабы;

3. Філіял "Навагрудскі хлебазавод" - хлеб, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы;

4. ААТ "Навагрудскі масларобчы камбінат" – сметанковае масла, натуральна малочную прадукцыю, сыры цвёрдыя, сухое цэльнае малако, сухое абястлушчанае малако, казеін;

5. ААТ "Навагрудскі вінзавод" - безалкагольныя напоі, віны пладовыя;

6. УПП "Эфатон" ГА БелТІЗ - фільтраэлементы для аўтамабіляў і трактароў;

7. КУП "Навагрудскі завод металавырабаў” - сетку металічную, драцяныя вырабы, цвікі, сейфы і шафы металічныя, стэлажы для кніг;

8. СП "Леор Пластык" - рыбную прадукцыю, агародніныя і рыбныя кансервы і прэсервы, вырабы з пласмасы;

9. ААТ "Навагрудская фабрыка спецвопраткі" - спецвопратка, швейныя вырабы;

10. ТАА "Правіт" - вытворчасць паўфабрыкатаў замарожаных;

11. АУПП "Навагрудскі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва" - спецвопратка, сталовая і пасцельная бялізна, занавескі, ламбрэкены.

У раёне працуе 9 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, 1 закрытае акцыянернае таварыства і 1 сельскагаспадарчае рэспубліканскае дачэрняе ўнітарнае прадпрыемства, 7 фермерскіх гаспадарак. Раён спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, развіцці збожжавай гаспадаркі і льнаводства.

Будаўнічая галіна раёна прадстаўлена дзвюма асноўнымі будаўнічымі арганізацыямі: ААТ "Навагрудскае БМУ" і ДП "Навагрудская МПМК-156", а таксама 13 арганізацыямі рознай формы ўласнасці. Пабудаваны і ў цяперашні час эксплуатуюцца лыжаролерная траса і лыжная база ў в.Сялец, у г.п.Любча - дом паляўнічага і рыбалова.

Будаўніцтвам і капітальным рамонтам дарог займаецца Навагрудскае ДРБУ-189, на балансе якога знаходзяцца 645 603 км аўтамабільных дарог мясцовага значэння. Па Навагрудскаму раёну праходзяць 3 аўтадарогі рэспубліканскага значэння агульнай працягласцю 117,2 км: Р5 Баранавічы-Навагрудак-Іўе (51,9 км), Р10 Любча-Навагрудак-Дзятлава (31,5 км), Р11 Парачаны-Навагрудак-Нясвіж (33,8 км).

Транспартнае абслугоўванне ў раёне ажыццяўляе філіял "Аўтобусны парк №5" ААТ “Гроднааблаўтатранс”, ААТ "Навагрудскі грузавы парк" і каля 120 індывідуальных. У цяперашні час у раёне арганізавана каля 60 аўтобусных маршрутаў, штогод аўтапаркам абнаўляецца 10 % рухомага саставу, які абслугоўвае пасажырскія перавозкі. Пры гэтым усе намаганні накіроўваюцца на больш поўнае задавальненне плацежаздольнага попыту на перавозкі пасажыраў і грузаў, выкананне сацыяльных стандартаў. Паслугі сувязі ажыццяўляюцца ў раёне Навагрудскім раённым вузлом паштовай сувязі РУППС "Гроднааблпочта", Навагрудскім раённым вузлом электрасувязі РУПЭС "Гроднааблтэлекам".

Асноўнымі задачамі Навагрудскага РВЭС з'яўляецца забеспячэнне на тэрыторыі раёна своечасовага, якаснага задавальнення запатрабаваных суб'ектамі гаспадарання і насельніцтвам паслуг электрасувязі, радыёфікацыі і іншых відаў сувязі.

Адукацыйная сетка Навагрудскага раёна прадстаўлена 49 установамі адукацыі, у якіх навучаецца і выхоўваецца 6338 дзяцей:

3 гімназіі; 16 сярэдніх агульнаадукацыйных школ рознага тыпу, 6 базавых; 3 дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, 10 дашкольных устаноў; спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы; вучэбна-вытворчы камбінат; сацыяльна-педагагічны цэнтр з аддзяленнем прытулку; цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі; аздараўленчы лагер "Свіцязь".

Усебаковае развіццё асобы дзіцяці забяспечваюць Цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў; Цэнтр пазашкольнай работы; Цэнтр турызму і краязнаўства; Эколага-біялагічны цэнтр; Спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву №1; Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа №2.

Акрамя агульнаадукацыйных устаноў, у раёне размешчаны ўстановы адукацыі, якія дазваляюць атрымаць сярэдне-спецыяльную і прафесійную адукацыю УА "Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж"; УА "Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж"; УА "Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй".

На тэрыторыі Навагрудскага раёна функцыянуюць наступныя ўстановы культуры:

26 клубных устаноў; 2 дзіцячыя школы мастацтваў; 1 дзіцячая музычная школа; 1 кінатэатр, больш за 20 кінаўстановак, відэасалон, перасоўная аўтавідэаўстаноўка, відэапракат; 5 музеяў, у тым ліку: Дом-музей А.Міцкевіча, Гісторыка-краязнаўчы музей, Чарашлянскі клуб-музей, Музей Любчанскага краю ў г.п.Любча, Валеўскі народны гісторыка-краязнаўчы музей у в.Валеўка;

29 бібліятэк: у тым ліку перасоўная бібліятэка - бібліобус, як структурная адзінка аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ, гарадская, гарпасялковая, дзіцячая, спецыяльная бібліятэка для інвалідаў па зроку, 24 сельскія бібліятэкі, з іх - 5 бібліятэк-клубаў. Галоўная бібліятэка рэгіёна - гэта Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка, заснаваная ў 1946 годзе. Бібліятэка нястомна садзейнічае развіццю культуры і адукацыі жыхароў раёна. Гэта сучасны інфармацыйны, краязнаўчы, сацыякультурны цэнтр.

У раёне налічваецца 8 калектываў, якія носяць званне "народны", "узорны". Усяго ў раёне налічваецца 99 калектываў мастацкай самадзейнасці, 143 клубныя фарміраванні.

Насельніцтва раёна атрымлівае амбулаторна-паліклінічную дапамогу ў раённай і дзіцячай паліклініках, жаночай кансультацыі, стаматалагічнай паліклініцы, у 7 урачэбных амбулаторыях, 23 фельчарска-акушэрскіх пунктах. Функцыянуе дзённы стацыянар пры амбулаторна-паліклінічных установах на 72 ложкі-месцы. У раённай паліклініцы аказваецца дапамога 20 вузкімі спецыялістамі.

Стацыянарная кваліфікаваная і спецыялізаваная дапамога аказваецца на 450 ложках. У цэнтральнай раённай бальніцы на 400 ложках разгорнуты хірургічнае, рэанімацыйнае, траўматалагічнае, тэрапеўтычнае, кардыялагічнае, неўралагічнае, дзіцячае, інфекцыйнае, гінекалагічнае, аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі. У 2009 годзе ўведзена ў строй новае радзільнае аддзяленне. Важнейшая задача аховы здароўя раёна - зрабіць сістэму аховы здароўя больш эфектыўнай, гэта значыць - рэсурсазберагальнай, высокатэхналагічнай, арыентаванай на прафілактыку захворванняў і ўкараненне прынцыпаў здаровага ладу жыцця.

Для арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне ёсць дастатковая матэрыяльна-тэхнічная база, якая налічвае 184 спартыўныя аб'екты. У іх ліку 2 стадыёны, 1 лёгкаатлетычны манеж, 31 спартыўная зала, 1 лыжаролерная асветленая траса працягласцю 1.5 км, якая знаходзіцца ў гарадскім парку культуры і адпачынку, і спартыўна-біятлонны комплекс у в.Сялец з асветленай лыжаролернай трасай працягласцю 1,5 км і турыстычнай базай на 40 месцаў, 3 футбольныя палі, 1 плавальны басейн з саунай, больш сотні плоскасных збудаванняў. У горадзе і раёне функцыянуюць 3 ДЮСШ: спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 1, ДЮСШ №2, комплексная ДЮСШ прафсаюзаў і філіял установы Гродзенская абласная ДЮСШ прафсаюзаў па конным спорце "Срэбная падкова", у якіх займаецца 935 навучэнцаў. Кульцівіруецца 6 відаў спорту - лёгкая атлетыка, лыжныя гонкі, біятлон, футбол, барацьба грэка-рымская, конны спорт (пераадоленне перашкод).

Навагрудская зямля прываблівае археалагічнай, літаратурнай спадчынай, унікальным прыродным асяроддзем, непаўторным ландшафтам, што выкарыстоўваецца ў турыстычнай і экскурсійнай рабоце. Асноўныя накірункі развіцця турызму ў Навагрудскім раёне - пазнавальны турызм, спартыўны турызм, аграэкатурызм, рэлігійны турызм. Помнікамі прыроды мясцовага значэння з'яўляюцца гара Капліца, Руткаўскі пагорак, 2 валуны Лукінскія, Вялікі камень Гердаўскі.

На Навагрудчыне маюцца таксама шматлікія гісторыка-культурныя помнікі, у тым ліку ў горадзе Наваградку: адміністрацыйны будынак (у цяперашні час - будынак райвыканкама), Барысаглебская царква, Свята-Мікалаеўская царква, Фарны касцёл, Міхайлаўскі касцёл, Дом-музей Адама Міцкевіча, Гісторыка-краязнаўчы музей, курган Бессмяротнасці, мемарыяльная дошка супрацоўнікам міліцыі, помнік Елісею Лаўрышаўскаму, гарадскі парк, руіны замка, царква ў в.Дзяляцічы, Іллінская царква і руіны замка ў г.п.Любча, Мікалаеўская царква ў в.Нягневічы, царква ў в.Поўберег, Петрапаўлаўская царква ў в.Валеўка, касцёл у в.Уселюб, Дзмітрыеўская царква, частка палацава-паркавага комплексу ў в.Шчорсы і інш. У г.п.Любча на беразе р.Нёман уладкаваны і функцыянуе домік паляўнічага і рыбалова.

На сённяшні дзень у Навагрудскім раёне размяшчаюцца пяць аграсядзіб, якія маюць усе ўмовы для прыняцця і рассялення невялікіх груп турыстаў. Абуладкаваны месцы для адпачынку на возеры "Свіцязь" і возеры "Літоўка". Развіваецца прыдарожны сэрвіс.