Герб Рэспублiкi Беларусь Герб г.Гродна Гродзенскі абласны
выканаўчы камітэт

Прыемная аблвыканкама

Адрас аблвыканкама:
230023 г. Гродна, вул. Э.Ажэшка, 3
Прыёмная: (0152)72-31-90
Запiс на прыём: 73-55-66
Факс: (0152)72-02-32

Смаргонскі раён

11 кастрычніка 2003 г. раённы цэнтр, горад Смаргонь (старажытныя назвы Смургоні, Смаргоні), адзначыў свае 500-годдзе. За гэты час ён быў сведкам і ўдзельнікам розных гістарычных падзей. 20 жніўня 1609 г. у мястэчку начаваў Жыгімонт ІІІ, які ішоў у паход на Маскву. У чэрвені 1655 г. падчас вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай тут была стаўка маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, а ў Паўночную вайну, у лютым—сакавіку 1708 г., — стаўка шведскага караля Карла ХІІ, да якога прыязджаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Станіслаў Ляшчынскі. 6 снежня 1812 г. у Смаргоні быў Напалеон, які збег ад сваёй арміі, а на наступны дзень авангард рускіх войск пад камандаваннем П.В.Чычагава захапіў тут у палон 3 тысячы французаў і 25 гармат. Адну ноч у снежні 1812 г. адпачываў у мястэчку і М.І.Кутузаў.

З гісторыі Смаргоні можна прыгадаць яшчэ некалькі цікавых фактаў. У ХVІІ ст. Радзівілы заснавалі «Смаргонскую акадэмію — школу дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў і малпаў. Да канца ХVІІІ ст. хадзілі на заробкі павадыры з вучонымі звярамі па кірмашах Беларусі, Расіі, Венгрыі, Германіі і іншых краін. У ХVІІ—ХІХ стст. славіліся смаргонскія абаранкі (абаржанкі, абваранкі, смаргонкі).

У 1873 г. праз Смаргонь прайшла Лібава-Роменская чыгунка. А ў 1904 г. мястэчка атрымала статус горада.

У 1901—1904 гг. у Смаргоні адбылося больш за 30 стачак рабочых. У студзені 1905 г. тут была праведзена самая буйная ў Беларусі забастоўка салідарнасці з рабочымі Пецярбурга. У гады Першай сусветнай вайны з верасня 1915 па люты 1918 г. фронт праходзіў па лініі Вішнёва—Крэва—Смаргонь—возера Вішнеўскае—Паставы. 19 чэрвеня 1916 г. пад Смаргонню немцы ўпершыню правялі газавую атаку па пазіцыях 26-га рускага армейскага корпуса (сведкамі былі М.Зошчанка, В.Катаеў). 4 снежня 1917 г. у Солах была заключана дамова аб перамір’і на Заходнім фронце. У Вялікую Айчынную вайну фашысты загубілі ў горадзе і раёне 3896 чалавек.

Яшчэ тры памятныя мясціны ёсць на Смаргоншчыне: Крэва, Залессе і Кушляны. З ХІІІ ст. Крэва было сталіцай гістарычнай зямлі Нальшаны (Нальшчаны). Нальшанскі князь Даўмонт у 1263 г. забіў Міндоўга і збег у Пскоў, а Нальшаны былі заваяваны навагародскім князем Войшалкам і ўключаны ў склад Вялікага княства Літоўскага. Даўмонт ужо ніколі не ўбачыў радзімы, а яго сын ад шлюбу з унучкай Аляксандра Неўскага Марыяй стаў вядомым ваяром Давыдам Гарадзенскім. Крэва з пачатку ХІV ст. было цэнтрам удзельнага княства. Тады ж пабудавалі і Крэўскі замак, рэшткі якога захаваліся да нашага часу. Кажуць, што познім вечарам можна ўбачыць там прывід панны з сабачкам (адну з тых жанчын, якіх замуравалі ў замкавых сценах) або абрысы постацей забойцаў князя Кейстута. 14 жніўня 1385 г. у замку заключылі Крэўскую унію, у выніку якой быў створаны дзяржаўны саюз Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай, а князь Ягайла стаў польскім каралём, ажаніўшыся з каралевай Ядвігай. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565—1566 гг. Крэва ўвайшло ў склад Ашмянскага павета. З гэтага часу па 1569 г. старастам Крэва быў князь Андрэй Курбскі-Яраслаўскі. У ХVІІ—ХVІІІ стст. яно мела герб, магдэбургскае права, канчаткова скасаванае з далучэннем да Расійскай імперыі, калі Крэва стала казённым мястэчкам. Крэўскі замак у ХVІІІ ст. быў яшчэ ў добрым стане, але Першая сусветная вайна нанесла яму значныя пашкоджанні.

У Залессі (“паўночных Афінах”) з 1802 па 1822 г. жыў грамадска-палітычны дзеяч, музыкант і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Менавіта тут ён у 1794 г. напісаў свой знакаміты паланез ля-мінор, калі развітваўся з радзімай. Захаваўся сядзібна-паркавы комплекс, які складаецца сёння з палаца ХІХ ст., будынка аранжарэі, капліцы, гаспадарчых пабудоў, става, парку. У парку ляжаць два камяні, прысвечаныя настаўніку Агінскага Жану Ралею і “Ценям Касцюшкі”. З 2000 г. комплекс належыць Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны праект яго рэстаўрацыі і ператварэнню ў культурна-турыстычны цэнтр.

У Кушлянах прайшло дзяцінства выдатнага беларускага паэта і публіцыста Францішка Багушэвіча. Ад сядзібы, дзе ён рос, застаўся толькі падмурак. Захаваўся дом 1896 г., у якім Багушэвіч пражыў апошнія тры гады свайго жыцця. Зараз тут размясціўся музей. Вакол яго парк, дзе яшчэ нядаўна раслі Багушэвічавы дубы (пад адным з іх паэт вырошчваў баравікі). Стаіць і каплічка, пабудаваная Багушэвічам і сялянамі ў знак пратэсту супраць прымусовага пераводу беларусаў-католікаў у праваслаўе. Недалёка ад сядзібы ляжыць валун, на якім у 1900 г. сябры і члены сям’і зрабілі надпіс: “Памяці Мацея Бурачка” (пад такім прозвішчам Багушэвіч выдаў свой першы зборнік вершаў і апавяданне “Тралялёначка”). У 1983 г. удзячныя кушлянцы пасадзілі вакол каменя 60 дубкоў — столькі год пражыў пясняр.

На тэрыторыі раёна знаходзяцца храмы розных хрысціянскіх канфесій. Касцёлы ёсць у Смаргоні (сярэдзіна ХVІ ст.), вёсках Вішнёва (1811), Войстам (1911), Данюшава (1809), Нястанішкі, Солы (1905—1934), капліца ў в. Алянец (ХІХ ст.). Цэрквы стаяць у вёсках Выгаляненты (ХІХ ст.), Вялікія Шылавічы, Кеўлы (1882, 1862), Крэва (1854), Міхневічы (1866). Рэшткі царквы былога базыліянскага кляштара ХVІІІ ст. захаваліся ў Суцькаве. Кальвінскія зборы знаходзяцца ў Смаргоні (1553) і Жодзішках (1-ая палова ХVІІ ст.).

Праславілі Смаргоншчыну выдатныя асобы. У былым маёнтку Тупальшчына нарадзіўся публіцыст Ю.Бакшанскі. У 1847 г. ён напісаў “Адозву да смаргонскіх сялян” з заклікам да пратэсту, удзельнічаў у паўстанні 1863 г. У Дабраўлянах А.Гюнтэр сабраў у капліцы калекцыю зброі і амуніцыі ХІІІ—ХІХ стст., а таксама стварыў музей народнага побыту. У вёсцы Вётхава нарадзіўся беларускі фалькларыст, літаратуразнавец, краязнавец А.Ліс, у Смаргоні — беларускі харавы дырыжор, педагог, народны артыст Беларусі і СССР В.Роўда. Памяць аб сабе пакінуў арганізатар і кіраўнік Смаргонскага цымбальнага аркестра А.Дзяруга.