Рэгіён

Астравецкi раён

Шматлікія курганы, курганныя могільнікі і гарадзішчы, выяўленыя археолагамі на тэрыторыі Астравецкага раёна, гавораць аб тым, што ў старажытнасці ён, відаць, быў густа населены. Курганныямогільнікі знойдзены каля вёсак Будраны (12 насыпаў канца 1-га тысячагоддзя н.э.), Каценавічы, Лоша, Малыя Свіранкі, Мацкі, Падкасцёлак, Перавознікі, Пільвіны, Савішкі, Ядабор, Гудагай, Зязюлька, Палушы, Рызгоры, Сяржанты, Сідарышкі. Гарадзішчы выяўлены каля населеных пунктаў Астравец, Бліканы, Быстрыца, Гуры, Дравянікі, Ігнацова, Караняты, Кораб, Якубішкі, Сарочча, Нідзяны.

Астравец упершыню ўпамінаецца пад 1468г. Неўзабаве на месцы ўпадзення р. Кенгаў р. Лоша (дзе цяпер перакрыжаванне вуліц Прамысловая і Фізкультурная) быў пабудаваны маёнтак Гаштольдаў. Пасля смерці Станіслава Гаштольда ў 1542г. Астравец перайшоў на год да караля Жыгімонта I, які затым перадаў яго сыну Жыгімонту Аўгусту. Апошні падараваў Астравец у 1546г. Гераніму Карыцкаму. У 1618г. уладальнікам быў Ян Корсак, а ў XIX ст. — Кастравіцкія, Сыцянкі, Жылінскія. Менавіта з апошняга роду паходзіць меліяратар Палесся ў XIX ст. Іосіф Жылінскі, з роду Кастравіцкіх — французскі паэт Гіём Апалінэр, беларускі празаік Карусь Каганец. У Астраўцы захаваліся два касцёлы: Казьмадзям'янаўскі (1787) і Адшукання святога Крыжа (191 1).

Варняны — яшчэ больш старажытнае пасяленне, упершыню ўпамінаецца пад 1391г. як уладанне вялікага князя літоўскага Ягайлы. У XV ст. Варняны былі ўласнасцю Сангайлаў, у першай палове XVI ст. — Пронскіх, Чыжоў, Свірскіх, з 1581г. — Абрамовічаў. Сёння там можна ўбачыць помнікі архітэктуры XVIII ст.: Георгіеўскі касцёл (1767 — 1769), плябанію, дом аптэкара (1770), жылыя дамы, адну з вежаў уязной брамы. На мясцовых могілках спачываюць прадстаўнікі вядомых родаў Снядэцкіх, Мінейкаў, Валіцкіх, Граноўскіх, Садоўскіх і інш. Ёсць магілы салдат Першай сусветнай вайны і некалькі пахаванняў польскіх вайскоўцаў 1920г.

          

Быстрыца — таксама адно са старажытных пасяленняў на Астравеччыне. У хроніках Стрыйкоўскага і Каяловіча сцвярджаецца, што тут знаходзілася першая сталіца ВКЛ. Як цэнтр аднайменнага староства Быстрыца пазначана на карце Т. Макоўскага (1613). Па прывілею Жыгімонта I у 1542г. тут была мытная камора. Збярогся Крыжаўздвіжанскі касцёл (1523).

Міхалішкі вядомы тым, што ў мясцовага пана К. Бжастоўскага начаваў Пётр I, калі ехаў з Полацка ў Вільню. У «Гісторыі Пятра I» А.С. Пушкін піша, што той агледзеў сад і касцёл (Міхайлаўскі касцёл 1653г. збярогся). Раніцай расійскі цар напісаў у Міхалішках ліст да Цімафея Страшнёва ў Маскву. У вайну 1812г. праз Міхалішкі ішлі да Свянцян войскі 1-ай Заходняй рускай арміі. Легенда сцвярджае, што ў Зязюлькавым лесе адпачываў Напалеон.

         

У Каценавічах (як вёска маёнтка Міхалішкі вядома з 1590г.) захаваўся сядзібны дом Красоўскіх. Тут жылі і пісалі свае навуковыя працы выкладчык Віленскага універсітэта К.Ю. Красоўскі і яго сын Апалінар — будучы прафесар Пецярбургскага універсітэта і тэарэтык архітэктуры. У Ракішках можна ўбачыць драўляны сядзібны дом Г. Шышкі і падзівіцца на каменныя пабудовы: кузню, лядоўню, стайню і стаў з мураваным дном. У Трокеніках сядзіба была ўтворана ў 2-ой палове XIX — пачатку XX ст. на высокім узгорку ў цэнтры вёскі. У комплекс уваходзяць дом (пачатак XX ст.), службовы флігель, стайня, парк. Цiкавыя помнiкi неагатычнай архiтэктуры ёсць у в.Гервяты (Св. Троiцы  (1899—1903 гг.) i в. Клюшчаны (Св.Iахiма (1887 г. / 1903 г).

Астравецкая зямля багата таленавітымі людзьмі. У в. Трокенікі нарадзіўся мастак, пісьменнік і падарожнік М. Богуш-Шышка, у в. Міхалішкі — літаратар Менке Кац, у в. Лакцяны — паэт, драматург і святар Янка Быліна, у в. Клюшчапы — вучоны-асветнік Л. Клімовіч, у в. Глушыца — беларускі скульптар М. Валуевіч, у в. Барані — паэт, публіцыст і святар К. Сваяк і яго брат — музыказнаўца, кампазітар, літаратуразнаўца А. Стаповіч, у в. Расолы — асветнік, гісторык, літаратуразнаўца і крытык, прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі бела-русістаў А. Мальдзіс. У маёнтку Малі каля Астраўца ў 1867—1872 гг. жыў першы консул Расіі ў Японіі I. Гашкевіч. У в. Дубнікі ў 1887—1888 гг. жыў і працаваў над сваім раманам «Пан Валадыёўскі» Г. Сянкевіч. У склепе капліцы ў Лошы пахаваны ў 1938г. беларускі і польскі мастак Л.Дабжынскі.

Астравецкая зямля захоплівае зменлівасцю пейзажаў. На поўдні — Ашмянскае ўзвышша. Цэнтральная частка Нарачанска-Вілейская нізіна, на якой працякае рака Вілія. На поўначы — сасновыя лясы, сярод якіх зіхаціць ланцужок Сарачанскіх азёр — перліна Астравецкага раёна.