Свіслацкі раён знаходзіцца на паўднёвымзахадзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна складе 1,4 тыс. кв. км. Насельніцтва (па стану на 01.01.2009 г.) – 20,7 тыс. чалавек, у тым ліку гарадское 8,5 тыс. чал. Па нацыянальнаму складу: беларусы – 73%, рускія- 4%, палякі – 21%. Раённы цэнтр – горад Свіслач (7,3 тыс. чалавек). У склад раёна таксама ўваходзяць г.п. Поразава, 152 сельскія населеныя пункты. Утворана 6 сельскіх Саветаў (Вердаміцкі, Дабравольскі, Нязбодзіцкі, Навадворскі, Свіслацкі, Ханявіцкі), адзін пасялковы Савет (Поразаўскі).
Рэльеф- узвышанна-раўнінны. Большую частку раёна займае Прыбугская раўніна, на паўднёвым усходзе – Ваўкавысскае ўзвышша. Пераважае вышыня 180-200 метраў над узроўнем мора. Самая высокая кропка раёна – 242 м (у 5 км на захад ад г.п. Поразава). Цэнтральная частка раёна – водападзел паміж басейнамі рэк Нёман і Нараў. Карысныя выкапні – пясчана-гравійны матэрыял, будаўнічыя пяскі, гліны і суглінкі, прызначаныя для вытворчасці грубай керамікі, торф.
Сярэдняя тэмпература студзеня – 5 градусаў па шкале Цэльсію, ліпеня – 18 градусаў па шкале Цэльсію. Ападкаў выпадае 585 мм за год. Вегетацыйны перыд – 199 сутак.
Самыя вялікія рэкі – Нараў, Рось, Свіслач, Зяльвянка. Пераважаюць хвойныя лясы, яны займаюць 49% тэрыторыі раёна. На яго тэрыторыі размешчана 40% нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, у склад якога ў 2001 годзе ўвайшоў балотны масіў Дзікае.
У раёне плошча земляў сельскагаспадарчага прызначэння складае 53949 га. У склад аграпрамысловага комплексу ўваходзяць 22 арганізацыі:
1 – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў; 3- унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы; 3- адкрытыя акцыянерны таварыствы; 1-філіял адкрытага акцыянернага таварыства; 1 –сельскагаспадарчы філіял адкрытага акцыянернага таварыства; 1- сельскагаспадарчы філіял рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства; 1- прыватнае прадпрыемства; 1- сельскагаспадарчы ўчастак дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Нацыянальны парк “Белавежская пушча”; 10 – сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак.
Прамысловасць Свіслацкага раёна прадстаўлена дзвюмя прадпрыемствамі – адкрытым акцыянерным таварыствам “Свіслацкая фабрыка лазовай мэблі” (прадпрыемства дрэваапрацоўчай галіны) і ўнітарным камунальным прадпрыемствам бытавога абслугоўвання насельніцтва ( прадпрыемства лёгкай прамысловасці). Асноўнымі відамі дзейнасці ААТ “Свіслацкая фабрыка лазовай мэблі” з’яўляецца дрэваапрацоўка (распілоўка і перапрацоўка драўніны), вытворчасць лазовай мэблі, гаспадарчых тавараў, паганажных вырабаў.
Адукацыйная сетка раёна прадстаўлена рознымі тыпамі вучэбна-выхаваўчых устаноў: 1 гімназія, 6 сярэдніх школ, 5 вучэбна-педагагічных комплексаў “Дзіцячы сад –сярэдняя школа”, 2 вучэбна-педагагічныя комплексы “Дзіцячы сад – базавая школа”, 1 базавая школа, 1 вучэбна - педагагічны комплекс “Дзіцячы сад –пачатковая школа”, 1 спецшкола для дзяцей з парушэннем слыху, 4 дзіцячыя садкі, 1 комплекс яслі-сад, 1 дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, 3 установы пазашкольнага выхавання і адукацыі, 1 сацыяльна-педагагічны цэнтр, 1 цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучанння і рэабілітацыі.
У склад установы аховы здароўя “Свіслацкая ЦРБ” уваходзяць:
стацыянар Свіслацкай цэнтральнай раённай бальніцы на 186 ложкаў; 6 амбулаторый – Поразаўская, Навадворская, Ханявіцкая, Дабравольская, Вердаміцкая, Гарнастаевіцкая; раённая паліклініка на 250 наведванняў у змену; 15 фельдшарска-акушэрскіх пунктаў; 2 пункты хуткай медыцынскай дапамогі – у г. Свіслач і г.п. Поразава.
Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгуначная лінія Гайнаўка (Рэспубліка Польшча) – Свіслач – Ваўкавыск. Свіслач злучана аўтадарогамі з Гродна, Поразава, Ваўкавыскам.
Архітэктурныя помнікі: корпус Свіслацкай гімназіі (1827 г.),касцёл францысканцаў у в. Грынявічы (1792 г.), сядзіба(другая палова 19 ст.) у в. Гарнастаевічы, царква драўлянага дойлідства у в. Дабраволя (1861 г.),касцёл Святога архангела Міхаіла (1825 г.) у г.п. Поразава.
Раён уваходзіць у склад Еўрарэгіёну “Белавежская пушча”. Распрацаваныя два турыстычных маршруты: Свіслач-Ятвеск-Якушоўка-Нязбодзічы-Раманаўцы-Дабраволя-Жаркаўшчына-Ціхаволя-Немержа; Свіслач – Вердамічы-Поразава-Грынявічы-Новы Двор. Робяцца захады па стварэнню на тэрыторыі раёна Зялёнага маршруту.
Асноўны накірунак развіцця турызму ў раёне – агра і экатурызм. Паслугі гасцям аказваюць 5 аграсядзібаў, размешчаных у самых маляўнічых кутках Свіслаччыны.