У Воранаве ў дзень правядзення бульба-фэсту "Воранаўскі дранік" 22
жніўня адкрыюць культурна-адукацыйны цэнтр "Беларускi дранiк". Аб гэтым
расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў сектары культуры Воранаўскага
райвыканкама.
У некалькіх тэматычных залах можна будзе даведацца
ўсё пра бульбу: як гэта культура з'явілася на беларускай зямлі, якія
сельскагаспадарчыя прылады працы выкарыстоўвалі сяляне ў розны час для
яе апрацоўкі, якія стравы з бульбы былі заўсёды на сельскім стале.
Асобны стэнд раскажа пра сарты бульбы, якія вырошчваюцца ў гаспадарках
Воранаўскага раёна.
У асобнай зале будзе размешчана экспазіцыя,
якая расказвае пра стравы з дзёртай бульбы. Тут можна будзе даведацца
пра арыгінальныя рэцэпты, якія існуюць на Воранаўшчыне. Самы вядомы з іх
- знакамітыя "нацкія дзеруны". Таксама зала пазнаёміць з арыгінальнымі
рэцэптамі з усёй Беларусі.
На заканчэнне экскурсій, якія будуць
тут праводзіцца, гасцей чакае дэгустацыя на стылізаванай сялянскай
кухні. У меню будуць і "нацкія дзеруны", якія рыхтуюць з бульбы,
здробленай на буйной тарцы, а пасля абсмажвання тушаць у печы ў
гаршчочках у грыбным соусе.
На фестывалі вопытныя гаспадыні
правядуць майстар-класы. Гасцям жа прапануюць на фуд-корце пакаштаваць
восем страў з дзёртай бульбы і выбраць лепшую.