Упершыню Смаргонь упамінаецца ў дакументах па гісторыі Віленскай епархіі ў 1505 годзе. Мястэчка Смаргонь атрымала статус горада ў 1904 годзе. Смаргонскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай, а з верасня 1944г. – Маладзечанскай вобласці. 20 снежня 1960 года раён увайшоў у склад Гродзенскай вобласці. У сувязі з інтэнсіўным развіццём горада Смаргоні ў 1985 годзе ён быў выдзелены ў асобную адміністрацыйную адзінку абласнога падпарадкавання. У лістападзе 1996 года па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ўпершыню ў рэспубліцы аднайменныя адміністрацыйныя адзінкі Смаргонскі раён і горад Смаргонь былі аб’яднаны ў адну – Смаргонскі раён. Раён размешчаны на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны ў паўночна-ўсходняй частцы Гродзенскай вобласці. Агульная плошча раёна складае 1488 квадратных кіламетраў, насельніцтва – 55, 3 тысячы чалавек. На тэрыторыі раёна размешчаны 324 сельскія населеныя пункты, 9 сельскіх Саветаў. Большая частка тэрыторыі раёна – Нарачанска-Вілейская нізіна, на поўдні – Ашмянскае ўзвышша. Каля 30 працэнтаў тэрыторыі раёна знаходзіцца вышэй 200 м над узроўнем мора, самая высокая – 320 м (Мілідаўская гара). Самая нізкая мясцовасць – 121 м – на поўначы раёна. Карысныя выкапні: торф, пясочна-гравійны матэрыял, пяскі, гліны і суглінкі. Раён, як і ўся Беларусь, знаходзіцца ва ўмераных шыротах, якія характарызуюцца ўмераным кліматам. Усе рэкі і вадаёмы на тэрыторыі раёна належаць да басейна Немана, а ў яго складзе – да басейна Балтыйскага мора. Самыя буйныя азёры – Свірскае і Вішнеўскае. Балоты займаюць 3,8% тэрыторыі.
У прамысловым комплексе раёна дамінуюць машынабудаванне і металаапрацоўка, удзельная вага якіх у агульным аб'ёме вытворчасці складае 37,5 %, а таксама харчовая прамысловасць (удзельная вага - 30,9%), вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (14,0%), мукамольна-крупяная і камбікормавая прамысловасць (10 %). Знешнеэканамічная дзейнасць ажыццяўляецца з 49 краінамі свету. Прадукцыя прадпрыемстваў прамысловасці карыстаецца попытам у краінах СНД далёкага замежжа. Асноўным гандлёвым партнёрам з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Сельская гаспадарка раёна спецыялізуецца на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі і вытворчасці зерня, рапсу, цукровых буракоў, ільну, бульбы, гародніны ў раслінаводстве. У 2010 годдзе па праграме адраджэння і развіцця вёскі ўведзены ў эксплуатацыю 3 аграгарадкі: Ракаўцы, Міцкевічы, Бялкоўшчына. На тэрыторыі раёна рознічным гандлем і грамадскім харчаваннем займаюцца 157 юрыдычных асоб і больш як 600 індывідуальных прадпрымальнікаў, з іх каля 196 працуюць у гандлёвых аб’ектах.
Па стану на 1 студзеня 2011 года ў сістэме адукацыі раёна функцыянуе 41 установа. Працуюць сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У раённай паліклініцы аказваецца дапамога па 20 спецыяльнасцях, у горадзе разгорнута 16 тэрапеўтычных і 13 педыятрычных участкаў. Культурнае абслугоўванне жыхароў раёна забяспечваюць 52 установы культуры, 18 клубных устаноў, 28 бібліятэк, УК “Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей”, 3 дзіцячыя школы мастацтваў, 1 дзіцячая музычная школа, раённы метадычны цэнтр народнай творчасці. За актыўную творчую працу 23 самадзейным калектывам прысвоены званні “народны” і “ўзорны”.