Гісторыя Шчучына пачалася з 11 лістапада 1436г., калі быў заснаваны касцёл святога Якуба Апостала. Адным з фундатараў з'яўляўся трокскі ваявода Пётр Лелюш – аб ім нагадвае назва вёскі Лелюшаўцы. Уласнікамі Шчучына былі Кучукі, Кішкі, на працягу 40 гадоў Радзівілы, а фарміраванне мястэчка пачалося ў 1540-ыя гг. пры Сіруцях, Юндзілах, Давойнах. З пачатку ХVII ст. уладарылі ў Шчучыне Лімонты – род з Фларэнцыі, які з'явіўся на тэрыторыі ВКЛ разам з Бонай Сфорцай — жонкай польскага караля Жыгімонта Старога. З 1680 па 1750г. уласнікамі Шчучына былі Юзафовічы-Глябіцкія. Яны заснавалі кляштар піяраў і “Абшчыну сясцёр міласэрнасці” (1732). Мястэчка ператварылася ў рэлігійны і культурна-асветніцкі цэнтр Панямоння: тут дзейнічалі піярская семінарыя і вышэйшая школа, багатая бібліятэка, шпіталь і школа сясцёр міласэрнасці.
У 1750—1802 гг. Шчучын належаў шляхецкаму роду Сцыпіёнам. Яны вялі свой род як быццам ад рымскіх палкаводцаў, а на самай справе ад сакратара Боны Сфорцы італьянца Пятра, які абраў сабе гучны антычны псеўданім Сцыпіён (пазней патомкі называлі сябе дэль Кампа Сцыпіё ці Сцыпіё дэль Кампа). Яны падтрымлівалі піяраў. Піярскую школу скончылі паэт-філамат А. Петрашкевіч, аўтар першага ў Вялікім княстве Літоўскім падручніка «Логіка» К. Нарбут, заснавальнік фармакалогіі на землях Літвы Я. Вольфганг, вучоны І. Дамейка, мастак В. Дмахоўскі, гісторык-археограф М. Догель. Сярод выкладчыкаў былі: вучоны-натураліст С.Б. Юндзіл, які заснаваў батанічны сад (рэшткі якога захаваліся ў в. Руткевічы) і заклаў парк вакол палаца Сцыпіёнаў, філосаф і псіхолаг А. Доўгірд, які выдаў “Кодэкс дыпламатычны...”. Сцыпіёны пабудавалі касцёл святога Ежы са званіцай, канвікт для вучняў піярскай школы, капліцу, кляштар сясцёр міласэрнасці. Яны дабіліся прывілею вялікага князя літоўскага і караля польскага Аўгуста III на магдэбурскае права (1761), якое, на жаль, дзейнічала толькі 15 гадоў.
Гаспадарчаежыццё Шчучына наладжвалі Друцкія-Любецкія, якія валодалі мястэчкам у 1807–1939 гг. Яны заняліся лесаводствам (будынак лясніцтва збярогся), пабудавалі млын, бровар. У сярэдзіне ХІХ ст. у мястэчку сфарміравалася гандлёвая плошча (цяпер плошча Свабоды), на якой адкрыліся гандлёвыя флігелі (сёння кнігарня), крамы, гасцінны дом (цяпер будынак гандлёвага комплексу «Паўлінка»), паштовы дом. Усё гэта змяніла аблічча Шчучына — ён стаў культурным і гаспадарчым цэнтрам. Не забывалі Друцкія-Любецкія і пра духоўнае жыццё – узвялі мураваныя касцёл святой Тэрэзы і кляштар піяраў (1829), Свята-Міхайлаўскую царкву (канец ХIХ ст.). У 1895–1900 гг. быў пабудаваны княжацкі палац, закладзены парк.
Не толькі Шчучын можа прывабіць вока краязнаўца ці турыста. Рэшткі былых шляхецкіх сядзібаў захаваліся яшчэ ў некалькіх населеных пунктах. У Жалудку стаіць сядзіба князёў Чацвярцінскіх (1907–1908): зберагліся палац, флігель, млын, кузня. Варты ўвагі і радавы склеп Тызенгаўзаў, дзе пахаваны знакаміты падстароста гродзенскі і адміністратар каралеўскіх эканомій Антоній Тызенгаўз. У в. Андрушоўцы, уладанні Нарбутаў і Марачэўскіх, збярогся сядзібны дом (цяпер дзіцячая ўстанова), флігелі, дзве гаспадарчыя пабудовы, фрагменты парку і саду. У радавым гняздзе Іваноўскіх – Лябёдцы – захаваліся сядзіба і родавая пахавальня. У Лябёдцы нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі – адзін з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады, займаўся выдавецкай дзейнасцю, быў міністрам асветы ва ўрадзе БНР. У в. Касцянёва існавала сядзіба роду Кастравіцкіх (канец ХIХ – пачатак ХХ ст..): зберагліся дом, рэшткі парку і саду. Сядзіба Хадкевічаў (канец ХУШ – пачатак ХIХ ст.) знаходзілася ў в. Мажэйкава, тут захаваўся парк, які быў абкружаны фруктовым садам і мураванай агароджай, флігель і лямус. З сядзібнага комплексу Сапегаў у Старой Спушы збярогся толькі адзін драўляны будынак. Сядзібны дом у стылі мадэрн (пачатак ХХ ст.) стаіць у в. Галавічполе. Захаваліся сядзібныя дамы і паркі ў вёсках Глыбокае (ХIХ ст.) і Гурнофель (пачатак ХХ ст.).
Даўнюю гісторыю маюць населеныя пункты Астрына (1451), Васілішкі і Жалудок (з 1486г.), Каменка (1516), Ражанка (1599).
Нагадаем больш значныя хрысціянскія храмы. Касцёлы стаяць у вёсках Васілішкі (1769), г.п. Жалудок (1854), в. Ішчална (1758), в. Каменка (1908), в. Лядск (пачатак ХХ ст.), в. Новы Двор (1749), в. Ражанка (1674 г., перабудова 1924–1925 гг.). Цэрквы — у г.п. Астрына (канец ХIХ ст.), вёсках Бершты (пачатак ХIХ ст.), Нарашы (канец ХIХ ст.), царква-крэпасць у в. Мураванка (1524г., у 1817 і 1871–1872 гг. прыбудаваны бабінец). Капліцы ёсць у Новым Двары і Ражанцы.
З археалагічных помнікаў выяўлены стаянкі ў вёсках Бершты і Мацеўчукі; курганныя могільнікі — каля вёсак Берагоўцы, Глебаўцы, Кульбачына, Яселевічы; могільнікі з каменнымі магіламі – каля вёсак Вензаўшчына, Вераб'і, Плеткі, Сырні; селішчы – каля вёсак Ваўчкі, Дварчаны, Орля, Яселевічы, г.п. Жалудок; гарадзішчы – каля вёсак Ашуркі, Галынка, Касцянёва, Кульбачына, Турэйск. У 1915—1916 гг. у Жалудку знайшлі скарб рымскіх манет. У скарбе, які быў у каменным могільніку ля вёскі Вензаўшчына, таксама вельмі рэдкія старажытналітоўскія манеты.
Багата Шчучынская зямля на таленты. У Васілішках нарадзіліся знакаміты польскі спявак і кампазітар Чэслаў Неман (Выджыцкі), вучоны з сусветным імем у вобласці анестэзіялогіі і рэанімацыі І. Кляўзунік. У Жалудку з'явіўся на свет удзельнік паўстання 1863—1864 гг. на землях Беларусі, генерал Парыжскай камуны, член Генеральнай рады I Інтэрнацыянала В. Урублеўскі і народная артыстка БССР В. Александроўская (Галіна). У Дэмбраве нарадзіўся жывапісец і графік К. Альхімовіч, у былым фальварку Пешчын – беларуская паэтэса Цётка (Алаіза Пашкевіч), у вёсцы Клешнякі – пачынальнік і арганізатар рэлігійнага, культурна-асветніцкага і палітычнага жыцця беларусаў у ЗША доктар тэалогіі Я. Тарасевіч.