Дзень беларускага пісьменства – адно з самых знакавых культурных свят Беларусі.
Менш за два месяцы засталося да XXXІІ
Дня беларускага пісьменства, які ў гэтым годзе будзе прымаць Ліда. Свята
запланавана на 6–7 верасня. Ліда, як шчырая і руплівая гаспадыня,
пачала рыхтавацца загадзя. Мурал з партрэтам Янкі Купалы
З Лідай некалі быў звязаны лёс першага народнага паэта Беларусі Янкі
Купалы. Гэта было пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР. 15 лютага
1940 года рабочыя і службоўцы Лідскага чыгуначнага вузла на сваім першым
перадвыбарным сходзе, а пасля – уся працоўная Лідчына вырашылі:
“Вылучыць тав. Луцэвіча Івана Дамінікавіча (Янку Купалу) кандыдатам у
дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР і прасіць яго даць згоду балаціравацца
па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе № 306 Беларускай ССР”.
Паэт выказаў сардэчную падзяку лідчанам за аказаны давер. І ў кампаніі
іншых пісьменнікаў з Мінска (Пятра Глебкі, Алеся Кучара, Зэліка
Аксельрода) наведаў Ліду, правёў сустрэчы з выбаршчыкамі.
Сёння імя беларускага творцы носіць Лідская раённая бібліятэка. Там
ідуць рамонтныя работы, фіналам якіх стане мурал з партрэтам Янкі
Купалы.
Дарэчы, да свята разам з вядучымі беларускімі выдавецтвамі “Беларусь”,
“Мастацкая літаратура” і “Выдавецкі дом “Звязда” будуць выдадзены
фотаальбом “Лідскі край з любоўю і назаўжды”, зборнік твораў мясцовых
літаратараў “Галасы з-пад Лідзейкі” і падарунак для першакласнікаў – “З
Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі” пра адметныя падзеі і
славутасці Лідчыны. Навінкі кнігавыдання папоўнять бібліятэчныя фонды,
таксама набыць іх можна будзе падчас святочных мерапрыемстваў.
Лідскі Верабейка
З Лідай шчыльна звязана біяграфія яшчэ аднаго беларускага паэта –
Валянціна Таўлая (1914–1947), які ў гэты горад упершыню трапіў у
сямігадовым узросце, калі бацька забраў яго вучыцца ў школу. Вучнем
другога класа хлопчык напісаў свой першы верш “Верабейка”.
Яшчэ раз Таўлай прыехаў у Ліду ў 1939 годзе і некаторы час працаваў у
раённай газеце “Уперад”. Больш познія падзеі жыцця паэта былі
трагічнымі: у 1943 годзе яму давялося сядзець у лідскім фашысцкім
засценку. Але лёс пашкадаваў, выйсці адтуль давялося жывым. У апошні раз
паэт быў у Лідзе ў 1946-м, на адкрыцці гарадской бібліятэкі імя Янкі
Купалы ў якасці намесніка дырэктара літаратурнага музея імя народнага
паэта Беларусі.
Да Дня беларускага пісьменства каля будынка, дзе жыў паэт і сёння
размешчаны літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея
(лідчане так і называюць яго – “Дом Таўлая”), будзе ўсталяваны
арт-аб’ект “Верабейкі”. Ён будзе ўяўляць сабой раскрытую кнігу, на адной
старонцы якой нанесены верш “Верабейка” звычайнымі літарамі, а на
другой – шрыфтам Брайля. Па перыметру будуць усталяваны тры лаўкі з
выявамі вераб’ёў.
Ідэя зрабіць гэты аб’ект з такім ухілам належыць супрацоўнікам музея.
Бо менавіта ў Доміку Таўлая імі рэалізуецца інклюзіўны праект “Перадай
дабро па крузе”.
Аўтарам і спонсарам арт-аб’екта стаў мясцовы скульптар Рычард Груша, які падтрымаў і ажыццяўляе гэту ідэю.
Новы турыстычны маршрут
Лідчане з хваляваннем і натхненнем рыхтуюцца да свята беларускага
пісьменства. Вядома, на першым месцы – добраўпарадкаванне. Камунальшчыкі
пастараліся ўпрыгожыць старажытны горад новымі малымі архітэктурнымі
формамі і канструкцыямі з кветкамі.

Для аматараў актыўнага адпачынку з’явяцца дзве новыя велапешаходныя
дарожкі. Адна з іх будзе пралягаць у непасрэднай блізкасці ад
гістарычнай жамчужыны – Лідскага замка.
Таксама супрацоўнікамі раённага інфармацыйна-турыстычнага цэнтра
распрацаваны новы турыстычны маршрут “Месцы сілы на Лідчыне”. У яго
ўключаны шэраг аб’ектаў, якія да гэтай пары былі не ў полі зроку
турыстаў. Напрыклад, самая старая каменная царква на Лідчыне ў в. Мыто
(1866 год), драўляная царква ў в. Бабры (1810 год), побач з якой
знаходзіцца камень-следавік, руіны былой сядзібы Грабоўскіх у в.
Дзікушкі і іншыя. Праехаць па гэтым маршруце можна як у індывідуальным
парадку, так і ў складзе арганізаванай групы.
І гэта толькі малая толіка ўсяго, што робіцца да свята, каб гасцям было
ўтульна і прыемна гуляць па вуліцах старажытнай Ліды. Але праўду
кажуць: лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Так што плануйце
свае першыя вераснёўскія выхадныя правесці на мерапрыемствах,
прысвечаных Дню беларускага пісьменства.
З гісторыі
Дзень беларускага пісьменства – адно з самых знакавых культурных свят
Беларусі. Упершыню яно прайшло ў 1994 годзе ў Полацку. Сталіцамі свята
звычайна абіраюцца гарады, якія так ці інакш звязяны з лёсам вядомых
беларускіх пісьменнікаў або з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры,
навукі, літаратуры і кнігадрукавання. На Гродзеншчыне свята прымалі
Навагрудак, Мір, Смаргонь, Шчучын, Слонім.